НА́ТРЫЮ ГІДРАКСІ́Д, едкі натр, каўстычная сода,

моцная аснова, адносіцца да шчолачаў, NaOH.

Бясколерныя крышталі (тэхн. прадукт — белая непразрыстая маса), tпл 323 °C, шчыльн. 2020 кг/м³. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле, гліцэрыне. Паглынае з паветра ваду і вуглякіслы газ. Са спіртамі ўтварае алкагаляты. Атрымліваюць электролізам раствору хларыду NaCl, узаемадзеяннем гарачага раствору карбанату Na2CO3 з гідраксідам кальцыю Са(OH)2. Выкарыстоўваюць для ачысткі нафтапрадуктаў, асушвання газаў і многіх арган. вадкасцей, у вытв-сці паперы, мыла, штучных валокнаў; водныя растворы — як электраліты ў паветрана-цынкавых элементах. Выклікае цяжкія апёкі скуры і слізістых абалонак. ГДК у паветры 0,5 мг/м³.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)